Народны хор “Палессе”

"Шлях даўжынёю ў творчасць"

Цудоўныя песні палескага краю
Як продкі калісьці, нашчадкі спяваюць,
Пра родныя нівы, палі і ўзлессі
Спявае душой хор народны “Палессе”

«Няма больш простага, больш даступнага калектыўнага адпачынку, здольнага даставіць глыбокую эстэтычную асалоду, чым шчырая песня, выкананая хорам.  Таму ў народзе кажуць: хто многа спявае, той доўга жыве».
А. В. Свешнікаў

Народная песня – гэта наша духоўная гісторыя, вялікі скарб, і мы павінны берагчы і пераймаць песні ў нашых продкаў  і даваць ім новае сцэнічнае жыццё, таму што музычнае мастацтва валодае вялізнай сілай уздзеяння. Добрая песня, добрая музыка робіць чалавека лепшым, чысцейшым і здаравейшым. Народны хор “Палессе” Лунінецкага каледжа мае вельмі багатую творчую біяграфію. Але аб усім па парадку…

Першы дэбют нашага самадзейнага хору народнай песні, у склад якога ўваходзілі выкладчыкі, майстры вытворчага навучання ва ўзросце ад 26 да 60 гадоў, адбыўся ў 1990 годзе пры непасрэдным ўдзеле тагачаснага кіраўніка прафесійна – тэхнічнага вучылішча №146 Яўгена Яўгенавіча Богдана. Цяжкую ношу па стварэнню і арганізацыі хору ўзялі на сябе культарганізатар Таццяна Пятроўна Швед і акампаніятар Аляксандр Уладзіміравіч Весялоўскі.

Дзякуючы іх намаганням хор хутка набіраў сілу, колькасць " харавікоў" дасягнула 30 чалавек. Усе яны, ад тэхнічнага персаналу да дырэктара, працавалі ў вучылішчы і наведвалі рэпетыцыі хору.

У 1993... годзе кіраўніком хору стаў Мікалай Рыгоравіч Вайцяхоўскі. Песнямі ўласнага сачынення, фальклорнымі і старажытнымі народнымі песнямі ён унёс у рэпертуар хору новы каларыт. Гледачы адзначылі высокае выканальніцкае майстэрства, якое хвалявала сваёй свежасцю, самабытнасцю і непасрэднасцю. Менавіта пры ім ў 1997 годзе хор атрымаў званне "народны".

У 2000 годзе хорам пачала кіраваць Аксана Валер'еўна Коўка. Чалавек малады, энергічны – яна, дзякуючы свайму аптымізму і прафесіяналізму, згуртавала вакол сябе трывалы касцяк энтузіястаў народнай песні. У хор пацягнулася моладзь. Хор неаднаразова станавіўся пераможцам занальных і абласных конкурсаў мастацкай самадзейнасці сярод устаноў прафесійна– тэхнічнай адукацыі.

Гаворачы пра народны хор "Палессе", нельга не ўспомніць пра чалавека, без якога невядома яшчэ ці змог бы так доўга праіснаваць наш хор. Таленавіты самародак, майстар найвышэйшага класу, віртуоз, чалавек-аркестр, акампаніятар хору – Аляксандр Уладзіміравіч Весялоўскі. У яго таленавітых руках любы музычны інструмент не проста гучаў – ён спяваў разам з хорам, дадаючы яму непаўторную афарбоўку і каларыт.

Значная падзея адбылася для нашага хору ў 2007 годзе,  наш народны хор “Палессе” ў раённым конкурсе атрымаў ганаровае званне “ Калектыў года – 2007”.
Праз тры гады зноў адбылася змена кіраўніка хору. На месца Аксаны Валер'еўны Коўка прыйшоў Мікалай Рыгоравіч Вайцяхоўскі, але цяжкая хвароба не дазволіла яму папрацаваць з хорам.

У 2011 годзе кіраваць хорам стаў Галаўко Уладзімір Пятровіч, які ў няпросты для хора час падтрымаў яго сваім вопытам і майстэрствам.

У 2012 годзе на пасаду хормайстра прыйшла Наталля Антонаўна Якавец. Яна 10 гадоў з’яўлялася салісткай хору і добра ведала калектыў, яго магчымасці ў выкананні таго ці іншага твора, яго патэнцыял і самае важнае – яго псіхалагічны настрой.

На працягу свайго існавання хор даваў шматлікія канцэрты не толькі ў горадзе і раёне, але і далёка за яго межамі – Пінск, Баранавічы, Кобрын, Брэст, выступленне калектыву з натхненнем прымалі ў Германіі і Польшчы. За 29 гадоў творчай дзейнасці народнага хору “Палессе” было дадзена больш за 300 канцэртаў для працаўнікоў вёсак і маслазавода, хлебазавода, настаўнікаў, медыцынскіх работнікаў, калектываў МЧС, лясгаса, завода “ Палессеэлектрамаш”, ветэранаў вайны і працы , адпачываючых у санаторыях Брэсцкай вобласці, неаднаразова прымалі ўдзел у раённых і абласных Дажынках. Калектыў народнага хору прымае актыўны ўдзел у абласных, рэспубліканскіх фестывалях, аглядах-конкурсах. Мае шмат грамат, дыпломаў, падзяк.

Рэпертуар хору разнастайны. У першую чаргу, яго складаюць беларускія народныя песні “Мой край беларускі”, “Мы з тых мясцін”, а-сарellа “Сонца коціцца”, “Купальскія вянкі”. У рэпертуары гучаць песні самадзейных кампазітараў Лунінеччыны Мікалая Вайцяхоўскага і Андрэя Гурбановіча: “Як запавет”, “На вяселлі”, “Квітней, Беларусь”, “Песня аб Прыпяці”. Хор выконвае рускія, украінскія, песні патрыятычнага складу, аб Вялікай Айчыннай вайне. У рэпертуар аматарскага хору ўваходзіць духоўная музыка і аўтарскія песні. Акрамя песень у канцэртных праграмах хору гучаць байкі, літаратурна-музычныя замалёўкі, а таксама танцавальны блок з папулярнымі народнымі танцамі “Пад-іспань” і  “Кракавяк” .

На сённяшні дзень хор налічвае 23 удзельнікі. Гэта чатырохгалосны змешаны хор.

Хор рухомы, большая колькасць песень выконваецца з прытанцоўкамі. У складзе хору “Палессе” ёсць свае салісты, дуэты, а таксама мужчынскі і жаночы вакальныя ансамблі. Акампануе хору ансамбль народных інструментаў у складзе 3-ох чалавек: бас-гітара – Аляксандр Канавальчук, цымбалы – Алена Чурсанава і баян – Генадзь Шэўчык.

Нягледзячы на тое, што ў хора змянілася шмат кіраўнікоў, ён не спыняецца на дасягнутым, працуе ўсе больш плённа і творча. Калектыў народнага хору прымае актыўны ўдзел у абласных, рэспубліканскіх фестывалях, аглядах-конкурсах, ва ўсіх гарадскіх і раённых мерапрыемствах. Народны хор “Палессе” з годнасцю нясе народную песню і музыку людзям.

Удзельнікі хору сваімі песнямі і прыкладам прывучаюць нашых навучэнцаў да таго, што неабходна любіць народную песню, любіць сваю зямлю, на якой працуеш, паважаць людзей, з якімі сустракаешся кожны дзень, любіць сваю мову і радзіму.
Народныя харавыя спевы маюць шматвяковую гісторыю і валодаюць велізарнай сілай эмацыйнага, эстэтычнага і духоўнага ўздзеяння на чалавека. Мы павінны захаваць і памножыць гэтае багацце, якое дасталося нам ад нашых продкаў. Дзяржава павінна падтрымліваць мастацтва, якое творыць чалавека.

Наши достижения: