“Знайшоў, пакурыў — у калонію!”

12.02.2016 by Лунiнецкiя навiны  У пракуратуры 

Такімі словамі захацелася перайначыць крылатую фразу “Украў, выпіў — у турму!”. Народны афарызм з адной з любімых камедый савецкага кінематографа памятае, бадай, кожны. Але адна жыццё, дзе часам бывае зусім не да жартаў…

На мінулым тыдні у актавай зале політэхнічнага каледжа, дзе сабраліся навучэнцы, адбыўся працяг пасяджэння раённага суда пад старшынствам Міхаіла Дзенісовіча. Юнакі і дзяўчаты сталі сведкамі судовых спрэчак і вынясення прыгавора па крымінальнай справе, у якой лунінчанін абвінавачваўся ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка ці перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ці іх прэкурсораў (аналагаў).

У ролі дзяржаўнага абвінаваўцы выступіла юрыст II класа, старшы памочнік пракурора Лунінецкага раёна Іна Дзерман. Па яе словах, маладога чалавека затрымалі ў алкагольным ап’яненні і пад уздзеяннем наркатычных сродкаў непадалёк ад свайго дома. На пытанне супрацоўнікаў міліцыі, дзе ўзяў атруту, адказаў, што сарваў расліну на пустыры, пазней яе высушыў і выкурыў. Характарызуецца адмоўна: стаіць на уліку ў нарколага, афіцыйна нідзе не працуе, з сям’ёй, у якой выхоўваюцца двое малалетніх дзяцей, жыве асобна. У блізкім акўружэнні — такія ж аматары “пакайфаваць”.

У апошнім слове, прадастаўленым лунінчаніну, ён цалкам прызнаў сваю віну і папрасіў строга не караць, таму што у яго ёсць родны брат-інвалід і дзеці. А пакуль суддзя выносіў прыгавор, увагай юнакоў і дзяўчат зноу завалодала Іна Дзерман. Яна заклікала навучэнцаў не бадзяцца на пустырах у сумніўных пошуках, не паддавацца на прапановы, так званых, “сяброў” закурыць. Гэтыя простыя, на погляд моладзі, дзеянні могуць мець сур’ёзныя наступствы. I рэальны чалавек з незайздросным лёсам, якога яны бачаць у зале, таму пацвярджэнне. Прыкра, але нават у той момант то тут, то там чуліся недарэчныя насмешка навучэнцаў.

Атмасфера ў зале змянілася, калі Міхаіл Дзенісовіч зачытваў прыгавор. Згодна з ім, лунінчаніна прызналі віноўным і назначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады, якія наш зямляк правядзе ў калоніі агульнага рэжыму. Тут жа паявіуся міліцэйскі канвой і на запясцях асуджанага зашчоўкнуліся наручнікі.

— Пры разглядзе кожнай канкрэтнай справы ёсць індывідуальны падыход да вынясення таго ці іншага прысуду, — пракаменціравау рашэнне Міхаіл Васільевіч. — Улічваюцца асаблівасці учынення злачынства, у тым ліку бяруцца пад увагу усе абставіны. Неаднаразова на старонках “ЛН” паведамлялі аб тым, што пакаранне за незаконны абарот наркатычных сродкаў стала больш жорсткім. Летась па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь мы з калегамі разгледзелі 11 крымінальных спраў. Усе іх фігуранты атрымалі рэальныя тэрміны пазбаулення волі. Тым не менш, як правіла, многія да апошняга спадзяюцца на лаяльнасць. Аднак суддзя заусёды прытрымліваецца прынцыпу справядлівасці. Абвінавачваемых шкада: нікому не хочацца адпраўляцца у калонію на 10-15 год. Але закон і існуе для таго, каб чалавек заусёды нёс адказнасць за свае ўчынкі.


 Зламаць будучыню лёгка

11.12.2015

Падчас сустрэчы з навучэнцамі політэхнічнага каледжа, праведзенай у рамках маладзёжнага праекта “100 пытанняў даросламу”, пракурор Лунінецкага раёна Аляксандр КАРЛЮК паабяцаў юнакам і дзяўчатам прадэманстраваць выязны арышт. І слова сваё стрымаў!

У чытальнай зале каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці сабраліся пераважна хлопцы. Спачатку яны прагледзелі невялікі відэафільм “Спайс. Ракавы выбар”, заснаваны на рэальных падзеях. На жаль, гісторыя, расказаная асуджаным за продаж наркотыкаў Аляксеем, які цяпер адбывае пакаранне ў Бабруйскай выпраўленчай калоніі для непаўналетніх, наўрад ці займела чаканы эфект. А вось паяўленне ў дзвярах падазраваемага адразу змяніла крыху вольную атмасферу. Непаўналетняга жыхара райцэнтра суправаджаў міліцэйскі канвой. Акінуўшы поглядам сяброў, з якімі яшчэ нядаўна слухаў лекцыі, малады чалавек то ўсміхаўся, то сур’ёзнеў, моўчкі назіраючы за кадрамі дакументальнай стужкі.

Неўзабаве ўступнае слова ўзяла старшы памочнік пракурора Надзея Некрашэвіч. Разам з калегамі яна занепакоена распаўсюджваннем на тэрыторыі Лунінецкага раёна наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. Як ні прыкра, але кантынгент іх спажыўцоў маладзее – атруту ўжываюць школьнікі, навучэнцы каледжаў, студэнты. Павялічылася колькасць курыльшчыкаў розных сумесяў, у тым ліку спайсаў. Пачасціліся выпадкі перадазіроўкі.

У мэтах барацьбы з заганнай з’явай перагледжана на самым высокім узроўні заканадаўчая база, якую дапоўніў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №6 ад 28.12.2014 г. “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў”. Сваю рэалізацыю дакумент меў і ў адносінах лунінчан, прычым некаторыя з іх на момант учынення злачынстваў былі непаўналетнімі. Тым не менш, усе асуджаны на дастаткова працяглыя тэрміны пазбаўлення волі.

Паколькі ў краіне дзейнічае тайна следства, то і сам допыт падазраваемага з удзелам супрацоўнікаў пракуратуры, следчага камітэта, законнага прадстаўніка і сацыяльнага педагога прайшоў у асобным кабінеце. У гэты час перад падлеткамі выступіла інспектар ІСН РАУС Святлана Каховіч. Па яе словах, з пачатку 2015 года складзена 9 адміністрацыйных пратаколаў у адносінах прыхільнікаў наркатычных сродкаў. Паколькі да 18 год адказнасць за дзяцей нясуць бацькі, то менавіта дарослыя выплачвалі штрафы ў памеры ад 5 да 20 базавых велічынь. Паўторныя выпадкі затрымання з атрутай завяршаюцца ўзбуджэннем крымінальных спраў. Акрамя пакарання ў выглядзе тэрмінаў пазбаўлення волі, асуджаныя накіроўваюцца на прымусовае лячэнне ад наркатычнай залежнасці. Дарэчы, аматары-таксікаманы таксама трапляюць пад дзеянне Дэкрэта №6. Словы інспектара дапоўніла бібліятэкар сельгаскаледжа Ніна Дамашэвіч, якая прапанавала навучэнцам прагледзець фільмы прафілактычнай накіраванасці “Першая спроба” і “Іншае”.

Вынік допыта паведаміў пракурор раёна Аляксандр Карлюк:

– Падлетак абвінавачваецца па крымінальнай справе за ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных часткамі 1 і 2 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Выбрана і мера стрымання – заключэнне пад варту. Памятайце, толькі ад вас залежыць, як будзеце жыць: з наркотыкамі ці без… Памылкова думаць, што падобнае здарыцца з кім-небудзь, але не з вамі. Зламаць сваю будучыню вельмі лёгка. Хвіліннае задавальненне можа каштаваць 25 год пазбаўлення волі. Таму яшчэ раз звяртаю ўвагу, жарты закончыліся, час угавораў мінуў! Спадзяюся, сумная статыстыка – 44 злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, прычым 21 з іх датычыць рэалізацыі атруты, – сёлета пагаршацца больш не будзе!

Наталля Паўлюкевіч


Коўдра за 16 мільёнаў рублёў

11.12.2015 

            Не за гарамі дэнамінацыя. Яе набліжэннем вырашылі скарыстацца нячыстыя на руку асобы. Першы выпадак махлярства з новымі грашамі разгледзеў суд раёна. Выязное пасяджэнне адбылося ў гарадскім Доме культуры.

20-гадовую Марыю Буян (імя і прозвішча абвінавачваемай і пацярпелага зменены – аўт.), за плячамі ў якой 8 класаў адукацыі, прыехала ў Лунінец прадаваць на рынку коўдры. Нідзе не працуе і не вучыцца. Гандаль у той дзень быў няўдалым, і яна разам з цёткай накіравалася ў прыватны сектар.

У доме 86-гадовага пенсіянера махлярка прадставілася супрацоўніцай райвыканкама і паведаміла, што ў сувязі з дэнамінацыяй збірае грошы ў тых пажылых людзей, хто па стану здароўя не зможа абмяняць зберажэнні на рублі новага ўзору ў банку.

Пажылая жанчына, што адчыніла дзверы, адвяла госцю да мужа, які не ходзіць. Іван Сяргеевіч загадаў жонцы дастаць чамадан, дзе захоўваў грошы, як кажуць “на смерць”. Пералічыў купюры і аддаў іх дзяўчыне, каб тая замяніла на банкноты новага ўзору.

Узяўшы 16 мільёнаў рублёў пад распіску, якая не мела сілы, Марыя паабяцала вярнуцца ў наступную пятніцу. Жонка пенсіянера западозрыла нядобрае і патэлефанавала ў міліцыю. Супрацоўнікі РАУС затрымалі Буян і яе цётку па “гарачых слядах”. Праўда, апошняя праходзіла па справе як сведка.

На судзе яна блыталася ў паказаннях і сцвярджала, што не мае ніякага дачынення да ўчынку пляменніцы, малаадукаваная, бо скончыла толькі два класы пачатковай школы, таму пратакол падпісала, не азнаёміўшыся са зместам.

– Прашу дараваць. Больш такога не паўторыцца. Пайду па правільным шляху, – адзначыла ў сваім апошнім слове падсудная.

Дзяржаўны абвінаваўца ў асобе намесніка пракурора раёна Андрэя Лукашэвіча падкрэсліў, што лічыць віну дзяўчыны даказанай і запатрабаваў два месяцы арышту. Адвакат у сваю чаргу папрасіла прызначыць мінімальнае пакаранне – грамадскія работы.

Суддзя Святлана Братанава прызнала жыхарку Баранавіцкага раёна вінаватай па частцы 1 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства) і назначыла пакаранне ў выглядзе 240 гадзін грамадскіх работ. Прыгавор яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.


 Аўтамат, які не страляе, а тэрмін адмярае

20.11.2015

У Лахве на перакрыжаванні вуліц Савецкая, Першамайская, Гарадоцкая і Рыбгасная над брацкай магілай воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ўзвышаецца манумент і з’яўляецца сведчаннем неўміручай памяці пра трагічныя падзеі.

Познім вечарам маладыя людзі, адзначаючы дзень нараджэння сябра, незаўважана апынуліся каля помніка. Аднаго з іх пацягнула на “подзвіг”: ён узяў і адламаў аўтамат…

Следчы камітэт у адносінах да 24-гадовага жыхара Лахвы за здзекі над брацкай магілай узбудзіў справу па ч.2 артыкула 347 Крымінальнага кодэкса. Знаходзячыся ў кабінеце пракурора раёна Аляксандра Карлюка, у прысутнасці следчага Сяргея Чарнавокага малады чалавек так і не змог растлумачыць, чаму ён пашкодзіў манумент, але зазначыў, што ў яго не было свядомага жадання разбураць. На жаль, у нашым грамадстве ёсць асобы, якія з грэбаваннем ставяцца да норм паводзін, у іх адсутнічае культура выхавання, павага да таго, што зроблена рукамі чалавека. Менавіта ў іх катэгорыю трапіў і жыхар Лахвы, які на момант учынення правапарушэння не думаў, што яму давядзецца трымаць адказ перад судом.

Аляксандр Паўлавіч уважліва азнаёміўся з матэрыяламі справы. Аказалася, што на працягу толькі гэтага года вясковец 8 разоў трапляў у поле зроку праваахоўнікаў — менавіта столькі адміністрацыйных пратаколаў складзена на маладога чалавека. Прычым, яго “подзвігі” ішлі поруч з алкаголем. Улічваючы ўсе абставіны, у тым ліку, што захаванне патрабаванняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны знаходзіцца на асаблівым кантролі дзяржавы, пракурор прыняў рашэнне ў адносінах да падазраваемага прыняць меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Малады чалавек прызнаў сваю віну і нават кампенсаваў урон у памеры 1 мільён рублёў. Аднак канчатковае слова — за судом. Згодна з заканадаўствам, за такія дзеянні можа пазбавіцца волі на тэрмін да 5 год.

Алена Даніловіч


Пачуццё справядлівасці

03.11.2015

Менавіта гэтай рысай характару, па меркаванню пракурора Лунінецкага раёна Аляксандра КАРЛЮКА, павінны валодаць тыя, хто прысвячае жыццё юрыспрудэнцыі. Аб гэтым саветнік юстыцыі заявіў на сустрэчы, якая прайшла ў політэхнічным каледжы ў рамках маладзёжнага праекта “100 пытанняў даросламу”.

Юнакоў і дзяўчат віталі дырэктар навучальнай установы Андрэй Баўкуновіч і в.а. першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Ігар Гаргун. Нагадаўшы правілы правядзення падобных сустрэч, Аляксандр Паўлавіч пачаў адкрыты і шчыры дыялог. Ён расказаў аб дзейнасці органаў пракуратуры, яе задачах і мэтах, а таксама спыніўся на асабістым жыцці. Невялікая паўза, якая некалькі секунд павісла ў актавай зале, змянілася шквалам пытанняў, прычым большасць задавалі прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва.

– Дзе вы нарадзіліся?

– У суседнім Пінску. Ці ёсць сярод вас землякі? – замест адказу ўзнялося шмат рук. – Там закончыў школу, пасля вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце, размеркаванне атрымаў у пракуратуру роднага горада. Апошнія 2,5 гады працую ў Лунінцы.

– Ці можна пасля пастаноўкі на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх атрымаць юрыдычную адукацыю і марыць пра работу ў органах міліцыі?

– Па-першае, за тых, каму не споўнілася 14 год, па закону адказваюць бацькі. Старэйшыя падлеткі павінны самастойна ўсведамляць наступствы сваіх паводзін і ўчынкаў. Увогуле, усе звесткі аб правапарушальніках заносяцца ў адзіную дзяржаўную базу дадзеных. Ніхто забараніць вам паступаць у ВНУ не мае права. У выпадку, калі ўчынілі злачынства, давядзецца адказваць, але ўжо наўрад ці вас возьмуць на службу ў органы Міністэрства ўнутраных спраў, следчы камітэт, пракуратуру… Тым не менш, запомніце: пастаноўка на ўлік – не катастрофа, не канец жыцця. Кожны чалавек можа памыліцца, сысці з правільнай сцяжынкі. Трэба абавязкова даваць шанц на выпраўленне.

Вельмі падрабязна А.П. Карлюк расказаў пра страшную, але на жаль, папулярную ў маладзёжным асяродку з’яву – наркотыкі. Усяго з пачатку года на тэрыторыі Лунінеччыны выяўлена 17 фактаў гандлю наркатычнымі рэчывамі. Заканадаўчая база сёлета змянілася, і адказнасць за іх захоўванне, ужыванне і збыт істотна ўзрасла. Апошні прыклад – да 10 год калоніі агульнага рэжыму прыгаварылі навучэнцаў сельгаскаледжа, якіх у красавіку затрымалі са спайсамі. Увогуле, стваральнікі гэтай атруты пастаянна мяняюць яе састаў, каб знайсці лазейку і абысці закон. Колькі маладых людзей пайшлі з жыцця ў Беларусі па прычыне ўжывання спайсу! Жудасна ад усведамлення, што да смерці можа прывесці ўсяго адна спроба.

– Памятайце, ваша наіўная прапанова сябру “давай закурым” кваліфікуецца законам, як распаўсюджванне наркотыкаў. Не бярыце ў рукі і звычайных цыгарэт, асабліва дзяўчаты. Лепш наведвайце трэнажорныя залы, лядовую арэну, плавальны басейн! – раіў Аляксандр Паўлавіч.
Другая актуальная праблема, на якую звярнуў увагу пракурор раёна, – матэрыялы парнаграфічнага характару ў сацыяльных сетках. Недарэчны клік камп’ютарнай мышкай, або выпадкова адпраўлены “далікатны” здымак на тэлефон сябра могуць закончыцца сур’ёзным разбіральніцтвам.
Развітваючыся, Аляксандр Паўлавіч паабяцаў у перспектыве правясці выязны арышт і арганізаваць экскурсію ў ізалятар часовага ўтрымання. Некаторыя навучэнцы, магчыма, пасаромеўшыся задаць пытанні пры ўсіх, падыходзілі да госця асабіста. А.П. Карлюк уважліва выслухаў кожнага і даў пэўныя рэкамендацыі.

Наталля Паўлюкевіч

Комментариев еще нет.

Оставить комментарий