Сустрэча "Дакрануцца да вечнага"

18  красавіка навучэнцы  групы №14  разам з выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Г.М.Антановіч, бібліятэкарам В.Я.Скіба і педагогам дадатковай адукацыі Н.С.Цяльпук былі запрошаны на сустрэчу з цікавымі людзьмі ў нядзельную школу, якая дзейнічае пры храме ў гонар абраза Божай Маці “Сысканне загінуўшых”.

Дадзенае мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня  помнікаў і гістарычных мясцін. Цікавыя звесткі пра родны край паведаміла краязнаўца Таццяна Васільеўна Канапацкая. Настаяцель храма іерэй Сергій расказаў пра значэнне імя ў жыцці кожнага чалавека.

На сустрэчы прысутнічалі госці  – паэт, журналіст Міхась Скобла і спявачка Мінскай філармоніі Таццяна Матафонава-Грыневіч – людзі неабыякавыя да беларускай культуры, якія любяць і шануюць усё роднае.

Міхась Скобла расказаў пра свае даследаванні жыцця і творчасці Ларысы Геніюш, Зоські Верас, прэзентаваў кнігі “Духу магутныя чары” і “Пакуль рука пяро трымае”, чытаў вершы Л.Геніюш і свае асабістыя “Царква з чароту”, “Званар” і інш. Таццяна Матафонава-Грыневіч парадавала прысутных цудоўнымі песнямі пад гітару “Малітва” на словы Г.Бураўкіна, “Мой родны кут…” на словы Я. Коласа, “Пагоня”  на словы М.Багдановіча, а таксама чароўным “Паланэзам Агінскага” на словы С.Сакалоўскага-Воюша.

Цудоўная сустрэча, якая спрыяла магчымасці дакрануцца да вечнага, неўміручага, не пакінула раўнадушнымі нікога.

Комментариев еще нет.

Оставить комментарий