Упэўнены, кожны з нашых чытачоў можа прывесці не адзін прыклад, калі кахання няма, шлюб скасаваны, а некалі блізкія, а цяпер чужыя адзін аднаму дарослыя людзі павінны наладжваць адносіны ў імя шчасця і дабрабыту юных нашчадкаў. На жаль, ідэальна завяршыць сумеснае жыццё атрымліваецца не заўсёды. Сваркі каля разбітай сямейнай лодкі працягваюцца, і такая прывычная базавая ўстаноўка, як адказнасць за свайго сына ці дачушку, чамусьці мае патрэбу ў доказах. Аб гэтым вядзем гутарку з пракурорам раёна Аляксандрам КАРЛЮКОМ:
– У нейкім сэнсе сапраўды становіцца дзіўна, калі ў рабоце сутыкаемся са злоснымі неплацельшчыкамі аліментаў. Няўжо здаровыя, адэкватныя бацькі насамрэч не могуць зразумець простай ісціны – яны па законе абавязаны выхоўваць і фінансава ўтрымліваць нашчадкаў, ажыццяўляць догляд за імі, забяспечваць абарону правоў і інтарэсаў. Тым не менш, та-кіх нямала. Сродкі на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей у іх спаганяюцца ў судовым парадку.
– У якім памеры?
– На аднаго сына ці дачку – 25 працэнтаў месячнага заробку, на двое дзяцей – 33, на трое і больш – 50 працэнтаў даходу. Пры гэтым для працаздольных бацькоў мінімальны памер аліментаў павінен складаць не менш як 50 працэнтаў на адно дзіця, 75 – на двое, 100 – на трое і больш ад бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Аліменты ўплачваюцца ў добраахвотным парадку ці шляхам утрымання з заработнай платы па месцы работы або атрымання пенсіі, дапамогі, стыпендыі, ажыццяўлення іншых выплат.
– Што пагражае тым, хто адмаўляецца плаціць грошы?
– Сур’ёзныя наступствы чакаюць кожнага, хто ўступіць у канфлікт з законам. У частцы 1 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь змешчаны прававыя гарантыі, накіраваныя на забеспячэнне абароны інтарэсаў дзяцей. У адпаведнасці з ёй, прадугле-джана крымінальная адказнасць за ўхіленне бацькоў на працягу больш як 3 месяцы ў годзе ад уплаты па судовай пастанове сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. Фігурантам падобных спраў пагражаюць грамадскія ці выпраўленчыя работы на тэрмін да 2 год, арышт ці абмежаванне волі да 3 год, пазбаўленне – да 1 года. Куды больш жорсткім будзе новае пакаранне для бацькоў, якія ўжо мелі аналагічныя судзімасці раней. Прывяду некалькі прыкладаў. Грамадзянін Ш. з канца 2013 года афіцыйна нідзе не працаваў, хаця добра ведаў аб запазычанасці па аліментах на свайго непаўналетняга сына. На заўвагі судовага выканаўцы мужчына не рэагаваў, што стала падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы. Як вынік – пакаранне ў выглядзе 240 гадзін грамадскіх работ. А вось яшчэ аднаму жыхару Лунінеччыны пашанцавала менш. За вялікую запазычанасць па аліментах на дзяцей яго на 2 гады накіравалі ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Мужчына ўжо меў судзімасць за аналагічнае правапарушэнне, і, нягледзячы на гэтую акалічнасць, нічога не рабіў, каб сітуацыя змянілася б.
– Колькі ўсяго сёлета ўзбуджана крымінальных спраў названай катэгорыі?
– 68, прычым вымушаны канстатаваць іх істотны рост. Летась гэтая лічба была куды меншай – 30. Падобная сітуацыя сведчыць аб пэўных недахопах у прафілактычнай рабоце з асобамі, якія абавязаны кампенсаваць расходы на дзяцей. Вінаваціць толькі службу прымусовага выканання раёна няправільна, таму што на сённяшні дзень у іх аддзеле знаходзіцца каля 800 дакументаў аб спагнанні аліментаў з нядбайных бацькоў, прычым 690 з іх – нідзе не працуюць. Работа праводзіцца каласальная – гэта бачна па выніках ана-лізу захавання патрабаванняў заканадаўства.
Разам з тым, сустракаюцца выпадкі, калі ігнаруюцца факты працяглага ўхілення бацькоў ад кампенсацыі сродкаў на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей. Запазычанасць у некаторых складае звыш 10-ці, а то і 20 тысяч рублёў! Аднак пытанне аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці не ўзнімалася. Па выяўленых парушэннях нормаў заканадаўства ўнесены акты пракурорскага рэагавання, упушчэнні ўхілены, віноўныя адказваюць па законе.
– Ці ёсць рэцэпт ад бацькоўскага бяздушша?
– Вядома, ёсць. І, як паказвае ўдзел у судовых пасяджэннях, чалавечыя каштоўнасці згублены не поўнасцю. Урэшце, прымусіць любіць сваё дзіця, напэўна, нельга, а вось матэрыяльна забяспечыць да паўналецця – абавязак кожнага. Сітуацыя з праблемай спагнання аліментаў патрабуе дадатковых мер, накіраваных на ўзаемадзеянне і актывізацыю работы ўсіх зацікаўленых службаў, павышэнне яе якаснай складаючай. Важна памятаць, што галоўнай задачай застаюцца прафілактыка і прадухіленне злачынстваў названай катэгорыі.
Гутарыла Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ