Такі манёўр транспартнага сродку для многіх аўтааматараў даволі прывычны. Тэхнічных складанасцей у вопытных вадзіцеляў, як правіла, не ўзнікае. Праўда, той, хто знаходзіцца за рулём, абавязаны 100-працэнтна ўпэўніцца ў поўнай бяспецы сваіх дзеянняў па адносінах да іншых удзельнікаў дарожнага руху.
Добра ведаў гэта і жыхар райцэнтра, які ў адзін з летніх дзён на легкавушцы рухаўся па вуліцы Савецкай у Лунінцы. Успомніўшы, што ў багажніку пакінуў смецце, вырашыў яго выкінуць. Вось толькі патрэбны паварот да кантэйнера праехаў, таму за лепшае палічыў не развярнуць аўтамабіль, а здаць назад. Мужчына нават і вокам не паспеў павесці, як адчуў перашкоду. Ёй аказаўся пенсіянер, які спяшаўся перайсці праезную частку не па “зебры”. Машына “хуткай дапамогі” забрала пацярпелага з пераломам нагі ў бальніцу, а вадзіцель разам з прадстаўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі РАУС застаўся на месцы здарэння да высвятлення ўсіх абставін.
Неўзабаве праваахоўнікі ўзбудзілі крымінальную справу па частцы 2 артыкула 317 Крымінальга кодэкса Рэспублікі Беларусь – парушэнне правілаў дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў, пацягнуўшае па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пакалечанняў. Разгледжана яна была на выязным пасяджэнні раённага суда, якое адбылося ў актавай зале аўтапарка №10 пад старшынствам суддзі Святланы Братанавай і пры ўдзеле сакратара Кацярыны Клеўжыц. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала памочнік пракурора Ганна Пенер. Суддзя дасканала вывучыла прадстаўленыя доказы. Асобна быў дапрошаны адзін са сведкаў.
Падчас судовых спрэчак прадстаўнік пракуратуры раёна запэўніла, што віна даказана, і папрасіла абвінаваўчага прыгавору. Пацярпелы пенсіянер таксама не адмаўляўся ад сваёй няўважлівасці: мала таго, што пераходзіў дарогу ў неналежным месцы, дык яшчэ і вочы дрэнна бачаць з-за цяжкай хваробы. Меўшы за плячамі больш як 20-гадовы вадзіцельскі стаж, абвінавачваны шчыра папра-сіў прабачэння і раскаяўся. Ён рэгулярна цікавіўся самаадчуваннем пацярпелага, яшчэ да суда кампенсаваў яму маральны і матэрыяльны ўрон.
Урэшце, вердыкт вынесены – прызнаць віноўным, назначыць пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ тэрмінам на 1 год з утрыманнем 10 працэнтаў штомесячнага заробку ў даход дзяржавы і пазбаўленнем права кіраваць транспартнымі сродкамі ў бліжэйшыя 2 гады. На працягу 10 дзён з дня ўступлення ў сілу прыгавор можа быць абскарджаны.
Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ