БЕЗНАГЛЯДНЫЯ ДЗЕЦI
Праблема падлеткавай злачыннасці, на жаль, і сёння не губляе сваёй вастрыні. Нягледзячы на тое, што сёлета ўдалося стрымаць рост правапарушэнняў сярод непаўналетніх, трывожыць прыкметнае павелічэнне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Праваахоўнікі канстатуюць: істотным чынам паўплывала на гэта статыстыка злачынстваў, звязаных з наркотыкамі. Дзе “слабое звяно” ў ланцужку прафілактычных мер? З гэтага пытання пачалася наша размова са старшым памочнікам пракурора Марынай ГРАБОВІЧ.
– Сёлета адзначаны рост злачынстваў не толькі ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў (4 – супраць 1-го летась), але і тых, што ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення. Не можа пакінуць абыякавым і той факт, што ў параўнанні з леташнім большая колькасць непаўналетніх удзельнічала ў супрацьпраўных дзеяннях. Прычым у 5-ці выпадках “аўтарамі” злачынстваў станавіліся падлеткі, якія нідзе не вучацца і не працуюць, а трое ўвогуле да гэтага ўжо мелі сур’ёзны канфлікт з законам. Больш таго, кожнае чацвёртае злачынства ўчынена тымі, хто стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС (далей ІСН – Т.В.). А гэта сведчыць, што супрацоўнікі інспекцыі звялі сваю работу да звычайнага фармалізму, абмежаваўшыся рэдкімі гутаркамі з цяжкімі выхаванцамі. Па-за межамі іх увагі застаюцца ўмовы пражывання падапечных, кола сяброў. Магчыма, па гэтай прычыне не трапляюць на ўлік у інспекцыю тыя, хто даўно гэта “заслужыў”? Так, чацвёра юных лунінецкіх парушальнікаў аказаліся пад увагай супрацоўнікаў ІСН толькі пасля вынесенага пракурорам прадпісання. А да гэтага яны беспакарана маглі (і паўтаралі!) свае “подзвігі”. Справядлівасці дзеля, варта сказаць, што істотныя пралікі выяўлены не толькі ў рабоце ІСН, але і ў дзейнасці іншых суб’ектаў прафілактыкі, у якіх нярэдка адсутнічае дакладнае разуменне ўласнай ролі і значнасці ў гэтай справе.
– Але што можна супрацьпаставіць нахабным паводзінам юных злачынцаў, якія не рэагуюць на шчырыя спробы дарослых засцерагчы іх ад паўторнай бяды?
– Такое, на жаль, здараецца нярэдка. У выпадку, калі праводзімыя індывідуальныя прафілактычныя мерапрыемствы жаданага выніку не даюць, ёсць дастаткова дзейсныя метады. Адзін з іх – накіраванне ў спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя і лячэбна-выхаваўчыя ўстановы, якія дапамагаюць папярэдзіць учыненне падлеткамі паўторных цяжкіх злачынстваў. У пэўным сэнсе гэта – мера крайняя, але забываць пра яе, дзеля бяспекі саміх жа падапечных, нельга. Між тым, сёлета туды не быў накіраваны ніводзін падлетак. Не лепшым чынам абстаялі справы і летась. На маю думку, прычыны – у адсутнасці сістэмнай і зладжанай работы з тымі, хто ўпаўне заслугоўвае такога метаду выхавання.
– Вы назвалі колькасць непаўналетніх парушальнікаў, якія нідзе не вучацца і не працуюць і па гэтай прычыне зразумелым чынам выпадаюць з поля зроку дарослых. Але ж статыстыка ўтрымлівае факты злачынстваў і сярод вучнёўскага асяродку. Дзе сітуацыя трывожыць найбольш?
– З паўтара дзясятка сёлетніх злачынстваў 5 – учынены навучэнцамі лунінецкіх каледжаў, 4 – вучнямі школ. Аднак біць трывогу трэба не толькі педкалектывам, якія адмоўным чынам “засвяціліся” ў крымінальных зводках, але і ўсім астатнім, бо ўпэўненасці, што заўтра шчупальцы таго ж наркатычнага спрута не закрануць іх установу, няма.
Нягледзячы на тое, што пэўныя станоўчыя зрухі ёсць, у інтэрнатах каледжаў кантроль за тым, як праводзяць вольны час навучэнцы, наладжаны не бездакорна. Узяць хоць бы той жа каледж сельскагаспадарчай вытворчасці. З амаль трох дзясяткаў леташніх злачынстваў 16 учынена навучэнцамі гэтай установы. Сёлета ўсе 4 выпадкі незаконнага абароту наркотыкаў зноў зарэгістраваны тут.
– Дзе выйсце?
– Упэўнена, што, як бы банальна гэта не гучала, зрушыць справу з мёртвай кропкі можна толькі разам. І аб’яднацца павінны не толькі праваахоўнікі, педагогі і бацькі. Падключыць сюды неабходна грамадскасць, перш за ўсё, ў асобах работнікаў гарсельвыканкамаў, якія нярэдка займаюць назіральную пазіцыю. Ажывіць варта сваю работу ў гэтым накірунку і шматлікім грамадскім арганізацыям, якія пакуль таксама застаюцца ўбаку ад важнай справы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў. Гэтыя і іншыя канкрэтныя прапановы выкладзены ў інфармацыйнай запісцы на імя старшыні райвыканкама. Рэагаванне на яе не прымусіць сябе чакаць, аднак хачу заклікаць кожнага жыхара Лунінеччыны не быць абыякавым да ўсяго, што адбываецца навокал. Ёсць шмат метадаў паўплываць на нядбайных бацькоў і дзяцей, якія міжволі бяруць прыклад з дарослых, што знаходзяцца побач. Важна толькі не прапусціць лёсавызначальны момант.