КЛУБ  АМАТАРАЎ  ПАЭЗІІ  «НАТХНЕННЕ»

Усялякая паэзія ёсць выражэнне душэўнага стану.
А.Бергсан

Сачыненне вершаў – гэта не праца, а стан.
Р.Музіль

Пры  бібліятэцы нашага каледжа  ўжо 18 гадоў існуе клуб аматараў паэзіі «Натхненне», якім кіруе бібліятэкар Вера Яўгенаўна Скіба. Гэты клуб аб’яднаў пачынаючых паэтаў-навучэнцаў, большасць твораў якіх напісана па-руску, але ёсць і беларускамоўныя.

У 2002 годзе  ўзнікла ідэя: лепшыя вершы пачынаючых паэтаў выдаць асобным зборнікам, які атрымаў назву па назве клуба  - «Натхненне».

У 2005 годзе клубам было выпушчана другое выданне  «Крама жыцця» –  зборнік вершаў старэйшага ўдзельніка клуба, выкладчыка матэматыкі каледжа Пятра Георгіевіча Богдана. У зборнік увайшлі гумарыстычныя вершы аўтара, а таксама вершы, прысвечаныя маці і жонцы.

У 2006 годзе выйшаў трэці зборнік вершаў  «Голос вдохновения». У гэтым зборніку змешчаны вершы навучэнак Майсак Святланы, Туровіч Святланы, Дзягцярык Вольгі і інш. Вершы самыя розныя па тэматыцы:  клопат пра лёс Радзімы, прыроды; радасць жыцця без вайны і інш. Верш "Радзімазнаўца", які напісала Майсак Святлана, прысвечаны Мікалаю Калянковічу, пісьменніку з Лунінеччыны. Гэты верш быў адпраўлены на конкурс вершаў, які праводзіла газета «Лунінецкія навіны», і прызнаны лепшым.

 

У 2009 годзе выйшаў зборнік вершаў «Я настоящая…»  навучэнкі  Любові Вячорка, які засведчыў не толькі вялікую працу аўтара, але і яе талент. Лірыка Любові – гэта пошукі сябе, сэнсу быцця, кахання і чаканне шчасця. Дзякуючы свайму таленту навучэнка выбрала свой далейшы шлях: стала студэнткаю філалагічнага факультэта УА «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт».


У 2012 годзе  быў выпушчаны пяты зборнік вершаў, які мае назву “ОткровеньЯ”. Аўтар – навучэнка каледжа  Квяткоўская Святлана.

У 2013г. быў  выдадзены шосты зборнік – зборнік сцэнарыяў кіраўніка аб’яднання “ В часы досуга”

Нашы пачынаючыя паэты – пастаянныя ўдзельнікі паэтычных конкурсаў: «Да Дня Святога Валянціна», «Зямля бацькоў – мая зямля»,  якія аб’яўляюцца раённымі газетамі «Лунінецкія навіны» і «Інформ-прагулка».    Шмат разоў яны станавіліся лаўрэатамі і пераможцамі конкурсаў, узнагароджваліся дыпломамі і лістамі падзякі. Клуб супрацоўнічае  таксама з газетай «Переходный возраст».

У маі 2008 года праходзілі Дні  культуры Швецыі  ў Беларусі. 23 мая   на базе нашага каледжа праводзіўся  фінал паэтычнага конкурса. Сярод васьмі фіналістаў было  трое нашых навучэнак: Любоў Вячорка, Дзіна Валасюк   і Інга Грасевіч.

14 чэрвеня 2011 года  навучэнкі Дзіна Валасюк, Семесенка Анастасія, Вандзіч Іна  прымалі ўдзел у конкурсе юнацкай паэзіі.

На базе нашага каледжа чатыры гады запар праходзілі раённыя «Каласавіны».

Рэдакцыя газеты «Лунінецкія навіны», пачынаючы з 2006 года, арганізоўвае літаратурна-краязнаўчыя і навукова-практычныя канферэнцыі памяці лунінецкага пісьменніка Мікалая Калінковіча, у якіх прымаюць удзел і нашы пачынаючыя паэты. Вынікам гэтых канферэнцый стаў выхад у свет  серыі кніг «Лунінецкая памяць».

У першай кнізе, якая выйшла ў 2006 годзе, змешчаны  верш «Радзімазнаўца» навучэнкі нашага каледжа Майсак Святланы, які яна прысвяціла М.Калінковічу. У выніку маладая аўтарка была адзначана спецыяльным прызам газеты.

У другой кнізе, што ўбачыла свет  у 2007 годзе, змешчаны яшчэ адзін верш Майсак Святланы - «Успамін», а таксама верш «Чарнобыльская малітва» Алексяйчука Ігара.

Такім чынам, можна з упэўненасцю сказаць: «Юнацкая паэзія – гэта паэзія дарослая».