Пад такой назвай праходзіла ў актавай зале райвыканкама сустрэча з абавязанымі асобамі, дзеці якіх знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.

– Не так даўно ў нашай краіне адзначаўся Дзень маці. Каго з вас павіншавалі дзеткі? – з такім пытаннем да сабраўшыхся звярнулася намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга Калугіна.

Рукі паднялі каля дзясятка жанчын. Усяго ж у зале прысутнічала прыкладна 50 чалавек. Калі ж Вольга Сяргееўна пацікавілася, хто спрабаваў аднавіць свае бацькоўскія правы, то такіх аказалася ўсяго трое. Потым погляды міжволі былі сканцэнтраваны на экран, дзе дэманстраваўся відэафільм “Я сюды больш ніколі не вярнуся”. Па сюжэце 6-гадовую Любу гоніць з дому з пабоямі і праклёнамі вечна п’яная маці. У канцы дзіця кідаецца з крутога абрыву ў раку і трапляе на неба…

Можа, урэшце, хоць каго-небудзь кране кароткаметражная стужка, а сустрэча прымусіць задумацца і пераасэнсаваць жыццё. Але, мяркуючы па “п’яным водары” ў зале, думаю, што нямногіх. І калі час ад часу “прачынаецца” жаданне вярнуць дзяцей у сям’ю, дык толькі, каб не плаціць буйныя сумы дзяржаве, якая ўзяла на сябе цяжар аб клопаце пра іх дачок і сыноў.

Начальнік аддзела прымусовага выканання Дзмітрый Канапацкі расказаў, што па стану на 20 кастрычніка ў іх знаходзяцца выканаўчыя дакументы ў адносінах 111 абавязаных асоб, прычым 75 з іх – жанчыны. На ўтрыманне аднаго дзіцяці на карысць аддзела адукацыі неабходна штомесяц кампенсаваць 230,73 рубля. А калі сям’я мнагадзетная? Уявіце, ёсць такія абавязаныя, якія павінны ўносіць аднаразовы “ўзнос” у памеры 1153,66 рубля. Зразумела, улічваючы кваліфікацыю большасці гора-бацькоў і іх месца работы (у асноўным сельгаспрадпрыемствы), на вялікія заробкі разлічваць не даводзіцца. Вось і расце запазычанасць перад дзяржавай. Больш як 10 абавязаных асоб маюць доўг, які перавышае 10 тысяч рублёў.

Ёсць тыя, хто ўсё ж знаходзіць выйсце і выплачвае неабходныя сумы. Так, напрыклад, днямі Таццяна Х., якая адбывае пакаранне ў месцах абмежавання волі, з дапамогай родных выплаціла доўг у памеры 3,2 тысячы рублёў. Факт будзе ўлічаны пры разгледжанні пытання аб датэрміновым вызваленні ад адбыцця пакарання. Але на сённяшні дзень гэта – адзінкавыя выпадкі.

Усе абавязаныя асобы павінны не толькі не дапускаць парушэнняў працоўнай дысцыпліны, але і штодзень з’яўляцца на работу і выконваць даведзеныя заданні. Аднак, на самай справе, не ўсё так гладка ў гэтым плане. Па словах старшага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Анатоля Барысевіча, сёлета за ўхіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або ад кампенсацыі расходаў, затрачаных на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца або знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні, асуджана 9 абавязаных асоб, прычым, адна жанчына адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. На ўліку ў міліцыі з дадзенай катэгорыі грамадзян знаходзіцца 68. На 46 з іх, як прагульшчыкаў, сёлета складаліся адміністрацыйныя пратаколы, колькасць якіх дасягнула 147. Лічбы сведчаць пра тое, што многія сістэматычна парушаюць дысцыпліну.

Па словах намесніка пракурора Вольгі Багатырэвіч, неабходна больш строга ставіцца да тых, хто дапускае прагулы. Пры паўторных нявыхадах на работу пракуратура будзе хадайнічаць перад судом аб накіраванні іх у месцы пазбаўлення волі. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Богдан расказала аб магчымасцях і ўмовах аднаўлення ў бацькоўскіх правах.

Запрошаныя на сустрэчу бацькі хавалі вочы. Вядома, ім было некамфортна ў вялікай зале. У той жа час падобны выхаваўчы ўрок яны заслужылі менавіта сваімі паводзінамі і адносінамі да сваіх крывіначак. Мяркуючы па тым, што некаторыя прысутныя цікавіліся лёсам сыноў і дачок, а таксама спосабам развітацца са статусам “абавязаны”, камусьці ўрок пайшоў на карысць, і ёсць шанц, што дзеці вернуцца ў сем’і.

Комментариев еще нет.

Оставить комментарий