Стала добрай традыцыяй штогод ў самым пачатку заняткаў аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўства” наведваць этнаграфічны куточак нашага каледжа, які знаходзіцца ў інтэрнаце. Кіраўнік нашага аб’яднання Галіна Мікалаеўна расказала пра гісторыю стварэння куточка, а таксама пра экспанаты сабраныя ў ім: начоўкі, маслабойкі, прасы, сярпы, свяцільні, нажніцы для стрыжкі авечак, калаўроты, верацёны, гліняныя міскі, гладышы; самавар, прылады для ткацкага станка, фрагменты адзення, лапці, а таксама тканыя і вышываныя вырабы...
Мы змаглі не толькі паглядзець, але і патрымаць у руках розныя вырабы, якія сведчаць пра розум, талент і гаспадарлівасць нашых продкаў. Народныя майстры і майстрыхі былі людзьмі працавітымі, творчымі. Якімі цудоўнымі арнаментамі аздоблены фартушкі, кофты, шнуроўкі! Колькі цярпення спатрэбілася, каб сплесці лапці з лазы! Колькі таленту і замілавання ўлажыў невядомы майстар у гліняныя вырабы!
У наш час не знікае цікавасць да мінулага, да багатай матэрыяльнай спадчыны нашага народа. Мы пастараемся захаваць яе і па магчымасці папоўніць экспазіцыю этнаграфічнага куточка.
Самандык Лана і Серада Ірына, навучэнкі гр.№14